Забудзьце пра аднаразавыя шкляначкі! Сем прычын карыстацца сваімі кубачкамі кожны дзень

Ідэя падаецца ляжыць на паверхні – што можа быць прасцей, чым карыстацца сваім кубачкам паўсюдна. Кампанія ''My cup, please'' актыўна прасоўвае гэту ініцыятыву ў мінскіх кафэ і па-за межамі нашай краіны. Не так даўно пра яе напісаў расійскі Greenpeaсe. Але калі вы яшчэ сумнявецеся Зялёны партал знайшоў сем прычын пачынаць рабіць гэта неадкладна.

29.08.2017 Жыццё ў стылі «эка» Аўтар: Хрысціна Чарняўская Фота: www.belka-shop.ru, pixabay.com, zojirushi.com.hk, thevyshka.ru, mirpozitiva.ru

 

Прычына першая: эканомія ранішняга часу

Для аматараў сказаць будзільніку ''яшчэ 5 хвілін'' выкарыстанне тэрмакубка – ідэальны варыянт.
Усё працуе па стандартнай схеме: вам падаецца, што вы толькі заплюшчылі вочы на хвілінку і вось ужо праспалі паўгадзіны. Неабходна хутка падняцца, збегаць у душ, сабрацца, а на сняданак з кавай не застаецца часу.

Выйсце знойдзецца ў кубачку, які можна прыхапіць з сабой і атрымаць асалоду ад ранішняга водарнага напоя па дарозе на працу.

 

 

Прычына другая: кубачак з сабой – гэта аўтамабільна

І тут знойдзецца адразу некалькі плюсаў для аўтаўладальнікаў. Толькі ўявіце сабе, што час стаяння ў заторах можна ператварыць у прыемныя хвіліны асалоды амерыкана, латэ ці любым гатункам гарбаты на ваш густ, які можна прыхапіць з сабой перад дарогай. Да ўсяго, калі ў вашым аўтамабілі няма спецыяльнай трымалкі для кубачкаў, то тэрмакубак простае выратаванне ў барацьбе за чысціню салона – і гэта другі плюс.

Ніхто не сумняецца, што зімой выкопванне аўтамабіля з-пад снегу бадзёрыць найлепшым чынам. Аднак пасля такой фізкультуры на марозе ці ў мярзотнае мокрае надвор'е хочацца падсохнуць і сагрэцца як мага хутчэй. І тут дакладна не абыйсціся без кубачка цёплай кавы ці чая, якім можна пацешыць сябе пакуль праграецца рухавік.

 

Прычына трэцяя: дзе ў гэтым горадзе сметніцы?

Пра сталіцу адгукаюцца як пра вельмі чысты і дагледжаны горад, маўляў, і сметніцы паўсюдна стаяць. Аднак у самы патрэбны момант яны бы знікаюць.

Таму, калі ў кафэ папрасіць наліць напой у ваш уласны кубачак, то пасля не трэба маяцца і шукаць сметніцы, каб пазбавіцца ад аднаразавай шкляначкі. А з чыстым сумленнем далей бегчы па справах.

 

Прычына чацвёртая: скарачэнне адходаў

Калі думаеце, што папяровыя шкляначкі з'яўляюцца другасным рэсурсам і перапрацоўваюцца, то, на жаль, вы памыляецеся. Такія шкляначкі не могуць быць выраблены выключна з паперы, у іх склад уваходзіць пластык, а таксама паліэтыленавае пакрыццё, з-за якіх перапрацоўка становіцца практычна немагчымай. Не забываем таксама пра крышачку з полісцірола, што можа быць яшчэ і шкоднай. Такім чынам тысячы шкляначак штодня адпраўляюцць на звалкі.

Аднак адным простым дзеяннем са свайго баку вы можаце пачаць скарачаць шкодныя і даўгавечныя адходы. І гэтым паказваць найпрасцейшы прыклад экапрыязнага ладу жыцця.

 

Прычына пятая: зімою грэе, а летам астуджае

Зімой так хочацца цяпла і адчуваць сябе ўтульна, асабліва стоячы на прыпынку ў якую завею ці мокры снег. Найлепшым паратункам пры акалізіях надвор'я будзе тэрмакубак з гарачым і водарным напоям, які не дась зусім закалець у чаканні транспарта.

У летнюю спёку наадварот хочацца здаволіцца чым-небудзь прахалодным і танізуючым. Як не дзіўна, але ў гэтым выпадку таксама дапаможа тэрмакубак, здольны падтрымліваць напой халодным працяглы час.

 

Прычына шостая: калі ўсё валіцца з рук

Як часта бывае, што усё літаральна валіцца з рук: ці то дзень не той, ці то пераацаніў свае сілы і набраў больш рэчаў, чым можаш несці. А ад кавы ці чая бывае так цяжка адмовіцца.

Дык вось, тут дапаможа тэрмакубак, за які нават упусціўшы можна не перажываць. Якасны кубак з металу не разаб'ецца і дапаможа захаваць у цэласці ваш напой.

Акрамя таго, яго можна пакласці ў сумку і не перажываць, што чай ці кава разальюцца.

 

Прычына сёмая: будзь не як усе

Толькі ўявіце, што кубак можа стаць ''рупарам'' вашых ідэй, улюбёных плыняў у музыцы ці мастацтве і проста выдзяляць вас з агульнага натоўпу людзей.

Бо яго знешнія сценкі можна абклеіць налепкамі і сцікерамі, распісаць на свой густ, на якія будуць звяртаць увагу.

Ды й пры ўсім, выкарыстанне свайго кубачка паўсюдна – ўжо дакладна зробіць вас непадобным да астатніх, асабліва, калі зрабіць з яго эксклюзіўны аксэсуар.

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 29.08.2017

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.