У Чарнагорыі распачалася 6-ая сустрэча бакоў Орхускай канвенцыі. Чакаюцца рашэнні па Беларусі

Сёння ў Будве адкрылася 6-ая сесія Нарады бакоў Орхускай канвенцыі. Удзел у сустрэчы прымаюць, як прадстаўнікі афіцыйных уладаў Беларусі, так і прадстаўнікі грамадскага аб'яднання ''Экадом''

У першы ж дзень сустрэчы быў прадстаўлены праект рашэння па выкананні Беларуссю абавязкаў па Орхускай канвенцыі, у якім зазначаецца, што наша краіна выканала не ўсе яе патрабаванні. Тычацца яны справы будаўніцтва атамнай станцыі ў Астраўцы.

Таксама Камітэт канвенцыі адзначыў, што Беларусь парушыла свае абавязкі па недапушчэнню праследа і прыцяснення экалагічных актывістаў за іх дзейнасць: былі  зафіксаваныя факты праследу і ціску на антыядзерных актывістаў.

Між тым у праекце рашэння падкрэсліваецца і значны прагрэс у накірунку выканання абавязкаў Канвенцыі, якога Беларусь змагла дасягнуць на сённяшні дзень.

Орхуская канвенцыя – канвенцыя Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН ''Аб доступе да інфармацыі, удзелу грамадскасці ў прыняцці рашэнняў і доступе да правасуддзя па пытаннях, датычных навакольнага асяроддзя''.
Беларусь падпісала канвенцыю ў 1998 годзе, а ў сілу яна ўступіла толькі ў 2001 годзе.
На сёння 47  краіны з'яўляюцца Бакамі Орхускай канвенцыі і прымаюць удзел у яе сустрэчы.

Са свайго боку беларуская дэлегацыя падкрэсліла, што згодна на дыялог і супрацу з Камітэтам, сакратарыятам і грамадскасцю, але краіна не гатова выконваць рэкамендацыі, якія выходзяць за рамкі Канвенцыі. Не адмаўлялі прадстаўнікі Беларусі і неабходнасці правядзення семінараў, атрымання рэкамендацый па належнай практыцы, кансультатыўнай дапамогі па выкананні абавязкаў.

Сёння ж запусціўся тэматычны сайт пра праслед экалагічных актывістаў, на які можна паведамляць пра здарэнні і факты ўціску і затрыманняў. З гэтай жа нагоды ў холе гатэля, дзе праходзіць сустрэча, была арганізавана фотавыстава.

stop-persecution.org

Адкрыццё выставы не абыйшлося без інцындэнту. Як паведаміла ў суполцы ''Экадома'' ў Facebook дырэктарка аб'яднання Марына Дубіна, раніцай, калі ўдзельнікаў сустрэчы запрашалі на дыскусію, ініцыятараў тры разы спрабавалі выгнаць з хола, а выставу з фотаздымкамі праследу актывістаў з розных краін даводзілася некалькі разоў пераносіць. Прадстаўнікі Чарнагорыі абгрунтоўвалі свае дзеянні тым, што не жадаюць, каб дэлегаты бычылі такія здымкі.

Зрэшты, дыскусія, прысвечаная тэме ''Абарона абаронцаў: абарона экалагічных актывістаў ад праследу'' адбылася.

Са справаздачай ''Небяспечная прафесія: нарастаючы уціск на экалагічныя НДА і актывістаў у былым Савецкім Саюзе і ЗША'' можна пазнаёміцца  ўжо зараз.

У цэлым жа пад час сустрэчы, якая будзе доўжыцца з 11 па 17 верасня, прадстаўнікі розных краін разгледзяць практыкі ўдзелу грамадскасці, доступу да інфармацыі, правасуддзю. А таксама праекты рашэнняў Камітэта па выкананні абавязкаў Орхускай канвенцыі.

Рашэнне па Беларусі будзе прынята ў сераду на сегменце вышэйшага ўзроўню сустрэчы бакоў канвенцыі.

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 11.09.2017

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.