«Наступствы буры і санітарная высечка». У дуброве каля Шчомысьліцы сьпілоўваюць стагадовыя дубы і яліны

Пра тое, што ў дуброве каля філіялу БДУ ў Шчомысьліцы ідзе высяканьне лесу, напісала ў «Фэйсбуку» актывістка зялёнага руху Віка Сакалова.

11.01.2018 Падзеі і здарэнні Крыніца: Алег Грузьдзіловіч, Радыё Свабода Фота: Радыё Свабода, Віта Сакалова

«Жахліва! Высякаюцца дубы ў помніку прыроды! У вялікіх памерах! Тое, што пад абаронаю дзяржавы! Зьвярніце ўвагу! Зрабіце рэпартаж... Давайце абаронім дуброву!» — зьвярнулася актывістка да аднадумцаў ды прыклала фота сьвежых пянькоў і складзеных у штабэлі дрэў.

 

Любімае месца адпачынку пад пагрозай?

Помнік прыроды «Дуброва» знаходзіцца паміж Менскай кальцавой дарогай і пасёлкам Шчомысьліца на захад ад Менску. Гэта некалькі гектараў прыгожага мяшанага лесу, у якім больш як стагадовыя дубы чаргуюцца зь вялікімі ялінамі. Дуброва агароджаная плотам, у якім маецца некалькі ўваходаў. На ўваходах вісяць шыльды з інфармацыяй, што гэта помнік прыроды, які ахоўвае дзяржава. Гэты лес добра ведаюць некалькі пакаленьняў менчукоў, тут любяць адпачываць сем’ямі і вялікімі кампаніямі. Ці сапраўды дуброве пагражае зьнішчэньне?

Карэспандэнт Свабоды наведаў дуброву, каб убачыць тое, што там адбываецца, на свае вочы. Па ўсім лесе ў розных месцах, паасобку і групамі сапраўды ляжаць паваленыя і сьпілаваныя дрэвы, у тым ліку вялікія дубы ды яліны.

Каля двух працілеглых уваходаў сьпілаваныя дрэвы складзеныя ў штабэлі. Каля ўсходняга ляжаць ужо апрацаваныя, без галінаў і сучкоў ствалы ялін, каля заходняга ўваходу — ствалы дубоў у абхват. Мяркуючы па каляінах у лесе, сюды час ад часу заяжджае тэхніка, каб выцягваць зь лесу тое, што павалілася ад буры ці было сьпілавана чалавекам.

9 студзеня ў лесе сустрэлі двух лесарубаў, якія вядуць гэтую працу.

«Мы нанятыя, наш ЧУП завецца „Белплястпро“, здаецца», — прадставіліся Іван і Аляксандар. Паводле лесарубаў, у іхнага ЧУПа дамова з гаспадаркай «Шчомысьліца» і зь мясцовай піларамай, куды адвозяць сьпілаваныя дрэвы і дзе іх расьпілоўваюць на дровы і прадаюць насельніцтву.

Якія дрэвы яны валяць? Іван кажа, што гэта выключна пашкоджаныя бурай дрэвы.

«Летась пасьля буры тут было не прайсьці, вось і пачалася гэтая праца. Паступова лес ачысьцілі, цяпер хоць можна прайсьці і праехаць».

Зьвяртаю ўвагу лесарубаў на тое, што сярод нарыхтаваных ствалоў шмат яловых, дастаткова маладых. «Відаць, гэта санітарная высечка. Мы працуем па метках. На якіх стаяць меткі, тыя і пілуем», — расказалі лесарубы.

Сытуацыю ў дуброве Свабодзе пракамэнтаваў прарэктар БДУ Міхаіл Чарапеньнікаў.

«Тое, што там адбываецца, гэта нельга назваць высяканьнем ці нарыхтоўкай лесу. Так, там прыбіраюцца дрэвы пасьля буры, наводзіцца парадак, ідзе таксама санітарная высечка ялін, бо гэта дуброва. Але дубы — толькі паваленыя бурай ці пашкоджаныя. Гэта робіць наша ўнітарнае прадпрыемства, досьледная гаспадарка „Шчомысьліца“. Усе дакумэнты, якія дазваляюць гэтыя работы, ёсьць. Няўжо вы думаеце, што ў БДУ займаюцца тым, каб наўмысна зьнішчыць гэты лес?», — сказаў прарэктар ДБУ Міхаіл Чарапеньнікаў.

Актывісты экалягічных арганізацый пакуль ня ўмешваюцца ў сытуацыю.

«Пакуль мы ня маем сыгналаў ад мясцовых жыхароў, што там адбываецца нешта насуперак закону, і таму ня ўмешваемся. Але будзем сачыць», — адрэагавалі на сыгнал у «Фэйсбуку» актывісткі Вікі Сакаловай у экалягічнай арганізацыі «Зялёная сетка».


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 11.01.2018

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.