Анастасія Дарафеева: “Нават калі ў краіне ўжо ёсць запушчаная атамная станцыя, усё адно варта працягваць казаць, што гэта не шлях для развіцця”

Выбары ў краіне без выбару – штука сумная, але мала хто з беларускіх медыяў дазваляе сабе зусім не звяртаць на іх увагу. Вось і Зялёны партал вырашыў скарыстацца нагодай абвяшчэння даты выбараў у мясцовыя саветы і звярнуцца да прадстаўнікоў розных палітычных партый і рухаў з пытаннямі пра экалагічныя складнікі іх праграмаў, погляды на пэўныя экалагічныя праблемы і спосабы іх вырашэння.

Гэта называюць фарміраваннем павесткі дня, мы ж называем размовай аб важным.

І нашая другая размова пра палітычную экалогію і экалагічную палітыку  са старшынёй Беларусскай Партыі “Зялёныя” Анастасіяй Дарафеевай.

Анастасія, распавядзі, калі ласка, што ў планах дзейнайсці вашай партыі на 2018 год?

- Увогуле, Партыя “Зялёныя” на гэты год ставіць сабе наступную мэту: стварэнне протасуб’екта, які мог бы на палітычным узроўні паслядоўна праводзіць зялёную ідэалогію. Мы зарэгістраваная партыя, але фактычна мы, як і іншыя партыі ў Беларусі, не з’яўляемся палітычным суб’ектам у поўнай меры і не ўдзельнічаем у рэальным палітычным працэсе.

Мы хочам стаць прыбліжанымі да Зялёнай партыі  сучаснага еўрапейскага фармата настолькі, наколькі гэта магчыма. Для гэтага вельмі важна цяпер распрацоўваць, тэставаць і абмяркоўваць менавіта ідэалагічны бок. Шмат гадоў ужо ў Беларусі існуе дуальная палітычная сітуацыя: ёсць рэжым, і ёсць тыя, хто супраць яго. І не зусім зразумела, хто на якіх ідэалагічных падмурках стаіць.

Калі мы кажам пра экалагічную павестку, мы прытрымліваемся таго, што няма асобных экалагічных ці зялёных тэмаў, а ёсць зялёны погляд на любыя тэмы. Мы лічым, што той факт, што экалогія выдзяляецца ў асобную сферу, і што пра яе ў выніку клапоцяцца неяк асобна і адарвана ад усяго, - гэта праблема. 

Атрымліваецца, што пра экалагічныя праблемы клапоцяцца далёка не ў першую чаргу. Мы ж упэўненыя, што экалагічны кампанент павінен прысутнічаць у любых абмеркаваннях, чаго б яны ні тычыліся.

Але якім чынам варта ўплываць на навакольных, каб гэты экалагічны погляд выкарыстоўвала не толькі Партыя “Зялёныя”?

- Тут могуць быць розныя шляхі. Першы – шлях хуткіх зменаў, якія магчымыя на палітычным узроўні. Калі мы кажам пра краіну, дзе парламент рэальна працуе, і ў ім рэальна прымаюцца рашэнні, дык мы можам уявіць сітуацыю, што туды прыходзіць Зялёная партыя, яна прымае пэўныя дэкрэты, уводзіць пэўныя нормы, якія фактычна паставяць фільтр экалагічнай оптыкі на ўсе рашэнні, якія будуць прымацца далей.

Можна прывесці прыклад Зялёнай партыі ў Швецыі, якая вельмі актыўна працуе і з гендарнай павесткай. І яны зараз зрабілі такі гендарны фільтр для любых законапраектаў: пакуль праект не пройдзе адпаведную экспертызу, ніякае рашэнне не можа быць прынята. Тое ж самае рабілі Зялёныя ў Германіі з энергетыкай.  Ствараюцца такія нарматыўныя ўмовы, што эканамічныя суб’екты проста вымушаны ўлічваць экалагічны аспект у сваёй дзейнасці.

Але зразумела, што такі падыход не з’ўляецца дастатковым, асабліва ва ўмовах Беларусі, дзе няма ніводнай партыі, у якой была б перспектыва прыходу на ўзровень рэальнага прыняцця рашэнняў. Нават калі мы трапім у парламент, гэта нічога не дасць. Але мы ўжо сёння маем на ўвазе, што трэба рыхтаваць адпаведныя рашэнні ў тым, што тычыцца развіцця гарадоў і краіны, і што гэтыя рашэнні мусяць прадугледжваць прымяненне так званага экалагічнага фільтра.

Другі неабходны шлях развіцця – гэта адукацыя. Гэта праца з людзьмі рознага ўзросту, і відавочна, што экалагічны кампанент павінен уваходзіць у афіцыйныя адукацыйныя працэсы, і што адпаведныя рашэнні мусяць прымацца на ўзроўні Міністэрства адукацыі. Зараз штосьці ўжо робіцца ў гэтым напрамку, але шмат што робіцца, мне падаецца, ўсё ж на сімуляцыйным узроўні. Зноўку ж мы вяртаемся да праблемы, што экалогіі адводзіцца нейкае асобнае месца, і далёка не самае прыярытэтнае.

Неабходна, каб у людзей выпрацоўваўся адпаведны погляд на свет. Тут ужо размова не проста пра экалагічны фільтр, а пра цэласны светапогляд. Таму вельмі важна працаваць у інфармацыйнай прасторы і арганізоўваць грамадскія дыскусіі і абмеркаванні. У Беларусі вельмі бракуе такіх абмеркаванняў, на якіх людзі маглі б высвятляць, якія каштоўнасці стаяць за якімі рашэннямі і падыходамі.

Сумесна з міжнароднай моладзевай сеткай палітычных арганізацый мы робім серыю адукацыйных івэнтаў. Напрыклад, ва Львове нядаўна рабілі трэнінг, які называўся “Палітычная экалогія супраць экалагічнай палітыкі”. Гэта была праца з актывістамі і актывісткамі, якія ўжо працуюць з экалагічнымі арганізацыямі, каб у іх была больш цэласная карціна свету. Людзі прыходзяць да думкі, што дзеянні на асабістым узроўні (сартаванне смецця, адмова ад шкоднай побытавай хіміі) – гэта добра, але тое ж глабальнае пацяпленне гэтым не спыніць, і для рашэння глабальных праблем трэба змяняць эканамічную і палітычную сістэму ва ўсім свеце.

Нават калі казаць пра побытавы ўзровень (тое ж сартаванне смецця), шмат хто дагэтуль адмаўляе важнасць асабістых дзеянняў. Як вы глядзіце на гэтую сітуацыю?

- Я гляжу на яе аптымістычна. Мне падаецца, што нават за апошнія некалькі гадоў беларускія экалагічныя арганізацыі дасягнулі вялікіх поспехаў у гэтым напрамку. Змены свядомасці адбываюцца, і гэта заўважна.

Я не ведаю, ці магчыма пераканаць у чымсьці людзей старэйшага ўзросту, але моладзь і людзі сярэдняга ўзросту ўжо па-іншаму глядзяць на ўсе гэтыя праблемы.

Мае калегі з Украіны і Малдовы адзначаюць, што ўзровень адказнасці насельніцтва расце, і мне падаецца, што гэтая праца вядзецца вельмі добра. У тэме другаснай перапрацоўкі ўсё даволі пазітыўна выглядае, асабліва калі параўноўваць з іншымі тэмамі.

А з якімі тэмамі, на ваш погляд, усё сапраўды кепска?

- Вельмі цяжка працаваць цяпер, і будзе цяжка працаваць яшчэ пэўны час у нашым рэгіёне з пераадоленнем празмернага спажывання. Людзі знаходзяцца зараз пад вялікім уплывам рэкламы, і ў нас равіваецца тэндэнцыя да таго, каб стаць грамадствам спажывання. І чым далей, тым болей спажыванне становіцца ў нас каштоўнасцю.

Я думаю, што, калі зменіцца палітычная сістэма, мы будзем прывабнымі для карпарацыі і ўвогуле для глабальнага рынку. І гэта праблема, з якой трэба працаваць ужо зараз. Сартаваць смецце – гэта добра, але мы мусім змяняць лад жыцця, і гэтыя змены павінны тычыцца прынцыпаў спажывання.

За апошнія дзесяць гадоў Мінск пераўтварыўся ў аўтамабільны горад. Зараз нормай лічуцца такія ідэі, як “замуж пешшу не ходзяць”, “як ты можаш заводзіць дзяцей, калі ў цябе няма машыны”, “кожнаму па паркоўцы” і інш. Гэтыя рэчы – яны ў свядомасці.

Людзі вельмі часта упэўненыя, што ўлады мусяць забяспечыць іх парковачнымі месцамі як мага бліжэй да дому. Але калі мы кажам пра палітыку будавання гарадоў, дык Мінску можна прапаноўваць пэўныя абмежаванні на рух і паркоўку машын, высокія тарыфы на паркоўку ў цэнтры горада і гэтак далей. Але мы разумеем, што ў гэтай сферы будзе вельмі цяжка працаваць з грамадскай думкай.

Кожны раз, калі рашэнне праблем звязана з тым, што людзі мусяць праявіць сябе як палітычныя суб’екты і перастаць быць проста аб’ектамі, якім улады павінны зрабіць тое і гэтае, дык працаваць з людзьмі становіцца вельмі цяжка.

Але ж нягледзячы на ўсе цяжкасці, важна падвышаць узровень эканамічнай і палітычнай культуры людзей. Калі людзі бачаць сябе ў якасці суб’ектаў, якія на штосьці могуць паўплываць, яны абіраюць прынцыпова іншыя стратэгіі дзейнасці.

Што больш эфектыўна ў далёкай перспектыве – адукоўваць людзей ці наўпрост прымушаць рабіць “зялёны” выбар?

- Нельга абіраць паміж пакараннямі і адукацыяй – гэтыя стратэгіі ўплыву на людзей мусяць дзейнічаць адначасова. Трэба адукоўваць людзей і ладзіць дыскусіі, каб усім было зразумела, чаму і навошта трэба, напрыклад, паркавацца толькі ў правільных месцах.

Але адукацыя – гэта вельмі доўгатэрміновы працэс, і таму патрэбныя таксама і імгненныя меры. Калі казаць менавіта пра паркоўку, то добра можа спрацаваць занаванне гораду. Калі ж ўводзіць абмежавальныя меры і не тлумачыць, што гэта і навошта, дык усё бессэнсоўна.

І ўсё ж вяртаючыся да планаў і арыенціраў... Ці ёсць для Беларускай партыі “Зялёныя” прыярытэтныя тэмы і праблемы?

- Найбольш актыўна мы зараз плануем працаваць з антыядзернай кампаніяй. Людзі ўжо пачынаюць казаць, што позна штосьці рабіць, што станцыю ў Астраўцы ўсё адно пабудуюць, але мы ўпэўнены, што на любой стадыі трэба працягваць адстойваць сваю пазіцыю. Па-першае, заўжды ёсць шанец, што ўсё можа змяніцца.

Па-другое, нават калі ў краіне ўжо ёсць запушчаная  атамная станцыя, усё адно варта працягваць казаць, што гэта не шлях для развіцця, і што ёсць іншыя, лепшыя шляхі. Беларусь зараз знаходзіцца ў сітуацыі, калі ёй трэба трансфармаваць энергетычную сістэму, але сітуацыя не крытычная, і змены могуць быць паступовымі.

Беларусь знаходзіцца ў значна лепшай сітуацыі, чым тая ж Францыя, калі казаць пра магчымасці пераходу на ўзнаўляльную энергетыку. Мы можам зараз скарыстацца досведам краінаў, якія знаходзяцца ў працэсе пераходу. Нам не трэба пакуль што закрываць сваю АЭС, пераводзіць лініі з цэнтралізаванай на дэцэнтралізаваную сістэму.

Беларусь цяпер можа ўстаць на шлях развіцця ўзнаўляльнай энергетыкі і зрабіць спрыяльныя для гэтага ўмовы (перш за ўсё, на ўзроўні заканадаўства). Мы можам увайсці ў лінейку еўрапейскіх краінаў, якія найбольш дынамічна развіваюцца.

Мы маглі б такім чынам забяспечыць сваю энергетычную бяспеку, стварыць новыя працоўныя месцы з улікам таго, як змяняецца свет увогуле і рынак працы ў прыватнасці. Гэта ўсё не толькі б значыла, што мы выконваем патрабаванні Парыжскай дамовы, але і паказала б рэальныя сучасныя магчымасці развіцця краіны, якія існуюць у дваццаць першым стагоддзі.

Той шлях развіцця, які мы абіраем, сапраўды моцна залежыць ад таго, ці мы развіваем узнаўляльную энергетыку альбо будуем атамную станцыю. Гэтыя шляхі немагчыма сумясціць. Мы як партыя бачым, што Беларусь мае ўсе магчымасці перайсці да ўзнаўляльнай энергетыкі да 2050 года пры тых умовах, якія ёсць тут і цяпер.

Яшчэ адна прыярытэтная для нас тэма – гэта наступствы Чарнобыля. З удзелам атамнага лобі і акурат пачынаючы з таго часу, як было прынята рашэнне пра будаўніцтва АЭС, праводзіцца прапагандысцкая кампанія, нібыта Чарнобыль – гэта нейкая трагедыя, якая адбылася 30 гадоў таму, і ўсё ў мінулым, і трэба проста жыць далей.

Такім чынам, ігнаруюцца сапраўдныя наступствы аварыі, якія дагэтуль працягваюцца, і ігнаруецца той факт, што на забруджаных тэрыторыях жыве вялікая колькасць людзей, а навуковыя даследванні, якія павінны весціся, проста не вядуцца.

Мы лічым, што тэма Чарнобыля павінна вярнуцца ў грамадскую павестку ў наступным выглядзе: Чарнобыль – гэта не нешта, што засталося ў мінулым. Наступствы бачныя і сёння, і гэта абавязкова трэба ўсведамляць.

 

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 08.01.2018

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.