І зноўку руйнуюць. На Арлоўскай знясуць малапавярховікі

У чарговы раз у сталіцы пад удар патрапляе малапавярховая і прыватная забудова. На гэты раз пад рэканструкцыю, у тым ліку са зносам, пойдуць дамы па вуліцах Арлоўскай – Даўгінаўскі тракт – Шчадрына – Гая.

07.09.2017 Грамадства Аўтар: Хрысціна Чарняўская Фота: Хрысціна Чарняўская, minsk.gov.by, Livejournal.com

Па інфармацыі агенства ''Мінск-Навіны'', рашэнне пра будаўніцтва шматпавярховікаў у межах гэтых вуліц прыняты даўно. Са слоў начальніка ўпраўлення архітэктуры і будаўніцтва адміністрацыі Цэнтральнага раёна Вікторыі Далгоўскай, была зроблена карэкціроўка горадабудаўнічага праекта плана дэтальнай планіроўкі (ПДП), які прадугледжвае знос прыватнай і малапавярховай забудовы ўздоўж цотнага боку вуліцы Арлоўскай ад вуліцы Карастаянавай да Даўгінаўскага тракту.

На месцы існуючых сёння дамоў павінна з'явіцца інтэграваная забудова: жыллё з аб'ектамі грамадскага прызначэння. А вось у глыбіні раёна ''вырастуць'' гмахі.

Патрапляюць у зону зноса і дамы па няцотнаму боку, што знаходзяцца на скрыжаванні Даўгінаўскага тракта з Арлоўскай, бо ў перспектыве тут можа з'явіцца транспартная развязка.

Яшчэ адна зона, вызначаная пад забудову шматпавярховымі дамамі, знаходзіцца па вуліцах Стадыённай – Нававіленскай – Арлоўскай – Даўгінаўскі тракт. Прыватную забудову захаваць на гэтым участку не атрымаецца.

Як адзначыў Зялёнаму парталу Дзяніс Кобрусеў з грамадскай кампаніі ''Генплан – для мінчан'', лёс дадзенай тэрыторыі ўзгадваецца ў генплане Мінска 2015 года. Такім чынам і план дэтальнай планіроўкі будзе абапірацца на яго асноўныя палажэнні і рэгламенты.

Дзяніс Кобрусеў

 

У генплане: ''4.9. забяспечыць на 2020-2030 гады засваенне тэрыторый пад жыллёвае будаўніцтва, прадугледжваючы:

  • у цэнтральным раёне:

– працягнуць фарміраванне забудовы важных гарадскіх магістраляў: уздоўж <...> вуліц Арлоўская – Чарвякова;

– рэканструкцыю тэрыторый са зносам прыватнай забудовы пад шматпавярховае жыллёвае будаўніцтва ўздоўж вуліц Арлоўская і Даўгінаўскі тракт;

– <...> знос прыватных кварталаў ўздоўж вуліц Арлоўская <...> з размяшчэннем змешанай і жылой шматпавярховай высокашчыльнай забудовы.

 

 

Скрыншот з сайта Мінгарвыканкама

 

Распрацаваны дэтальны план якраз будзе вызначаць, якія канкрэтна дамы пойдуць пад знос, якія застануцца, і што будзе пабудавана на іх месцы. Пакуль жа ПДП занаходзіцца на ўзгадненні ў камітэце архітэктуры, пасля чаго будзе накіравана ў адміністрацыю раёна для правядзення грамадскіх абмеркаванняў. Пад час абмеркавання жыхары раёна і змогуць выказаць сваё меркаванне, унесці прапановы і заўвагі.

''Менавіта ў гэты момант стане відавочным ці захочуць людзі пераязджаць, – зазаначае Дзяніс Кобрусеў. – Калі людзі не будуць згодны з прапанаваным ПДП, яны ў прынцыпе змогуць, пры належнай арганізацыі сваёй актыўнасці, паўплываць на будучыню гэтай тэрыторыі. Пдан дэтальнай планіроўкі можа быць адхілены ці адпраўлены на дапрацоўку''.

Аднак мясцовым жыхарам, што патрапляюць у межы ПДП, дзейнічаць трэба ўжо зараз, лічыць Дзяніс Кобрусеў. У першую чаргу трэба пачаць вывучаць генплан горада, рэгламенты асваення тэрыторый, наладжваць камунікацыю з суседзямі, даведвацца меркаванні людзей пра перспектыву зноса і адсялення.

Нельга абмінаць увагай дзяржаўныя органы і ўстановы, неабходна звяртацца ў раённую адміністрацыю, ''Мінскграда'', камітэт архітэктуры, каб даведацца пра тое, што плануецца ў ПДП. А таксама спрабаваць ўносіць свае заўвагі і прапановы на стадыі распрацоўкі.

У 2015 годзе галоўны архітэктар УП ''Мінскграда'' Аляксандр Акенцьеў заяўляў пра захаванне 70% тэрыторый, на якіх знаходзіцца прыватная забудова. У генплане 2010 года гэта лічба была набліжана да 28%. Аднак, відавочна, што апошнім часам пытанне знішчэння мілапавярховікаў і прыватных дамоў для сталіцы стала балявой кропкай.

На думку Дзяніса Кобрусева, праблема заключаецца ў тым, што рашэнні па развіццю горада прымаюцца выканаўчай ўладай, якую не выбіраюць і якая не падпарадкоўваецца грамадзянам.

''У выканаўчай улады, у Мінгарвыканкама, ёсць сваё разуменне ў прыняцці рашэнняў па развіццю пэўных тэрыторый. У гараджан жа застаецца мала магчымасцяў на гэтыя рашэнні паўплываць. Так адбываецца з-за адсутнасці інстытута прыватнай маёмасці, калі зямельныя ўчасткі могуць вымацца пад дзяржаўныя патрэбы. А будаўніцтва шматпавярховага жылля чыноўнікі смела падпісваюць пад гарадскія патрэбы. Аспрэчыць такія рашэнні, нават праз суд, практычна немагчыма. На жаль, без павагі дзяржавы да прыватнай маёмасці і без выбараў у мясцовыя органы кіравання, якія будуць прымаць рашэнні па развіццю тэрыторый, такія праблемы будуць узнікаць пастаянна'', – падкрэслівае ён.

 

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 07.09.2017

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.